ПАРУБО́ЦКАЯ ГРАМАДА́ (ад укр. парубок — хлопец, халасцяк),

аб’яднанне, саюз нежанатай моладзі на ПдЗ Беларусі і на Украіне; перажытак старадаўніх мужчынскіх саюзаў, у якім зберагліся сляды першабытнага калектывізму. Існавала да пач. 20 ст. У П.г. прымалі хлопцаў з 17—18-гадовага ўзросту. Унутры саюза існавалі звычаі і няпісаныя правілы паводзін у адносінах да сваіх сяброў і дзяўчат-аднавясковак. За ўступленне ў П.г. браўся невялікі грашовы ўзнос. Мела агульную касу, выбарнага атамана, месца зборышчаў (на вуліцы, ігрышчах, вячорках). Адыгрывала пэўную ролю ў грамадскім жыцці вёскі, карысталася прызнаннем бацькоў, сельскай грамады.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)